Пра фiлiял

15 жніўня 1956 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову № 459 аб заснаванні Мінскага тэхнікума савецкага гандлю. 1 верасня 1957 г. першы набор навучэнцаў (210 чалавек на дзённае і 150 – на завочнае аддзяленні) прыступіў да атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Таваразнаўства” і “Вытворчасць прадукцыі грамадскага харчавання”. Першы выпуск – 73 чалавекі – адбыўся ў 1959 г. Будынак тэхнікума размяшчаўся ў г. Мінску па вул. Б. Хмяльницкага, 5. Паступова ўскладнялася структура навучальнай установы, у 1980 г. было адкрыта аддзяленне правазнаўства. Востра адчуваўся недахоп вучэбных плошчаў. 26 студзеня 1981 г. тэхнікум атрымаў новы будынак па вул. Усходняй, 183/43. Новы комплекс складаўся з 49 кабінетаў і лабараторый, аснашчаных адпаведнымі свайму часу сродкамі навучання, бібліятэкі, чытальнай, спартыўнай, актавай залаў, лыжнай базы, сталовай. Гэта дазволіла павялічыць прыём навучэнцаў больш чым у два разы, паступова дапаўняць і мяняць структуру тэхнікума. У 1986 г. было адкрыта ўліковае аддзяленне, пасля ператворанае ва ўлікова-таваразнаўчае, пазней – ва ўлікова-правазнаўчае. У выніку яно стала аддзяленнем бухгалтарскага ўліку і права, на якім вялася падрыхтоўка па спецыяльнасцях «Бухгалтарскі ўлік» і «Правазнаўства».


З цягам часу мяняліся назвы і ўнутраная арганізацыя навучальнай установы. З 2 жніўня 1993 г. яно было перайменавана ў Мінскі гандлёвы тэхнікум (загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 243). На яго базе 22 студзеня 1996 г. быў адкрыты эксперыментальны цэнтр рэабілітацыі інвалідаў (сумесна з Беларускім навукова-даследчым інстытутам экспертызы працаздольнасці інвалідаў). 8 жніўня 1996 г. цэнтр атрымаў статус філіяла і ажыццяўляў падрыхтоўку па спецыяльнасці «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці». Пашырэнне напрамкаў падрыхтоўкі прывяло да чарговага змянення – 3 лютага 1997 г. тэхнікум быў перайменаваны ў Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж (загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 53). Пазней назва была ўдакладнена і з 25 чэрвеня 2001г.зацверджана як установа адукацыі «Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж» (загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 352).

4 лютага 2015 г. загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 79 “Аб рэарганізацыі ўстановы адукацыі ” Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт” установа адукацыі “Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж” была далучана да УА “ БДЭУ” і ператворана ў філіял БДЭУ ”Мінскі гандлёвы каледж”. Пачаўся новы этап у яго развіцці, які шмат у чым грунтуецца на вопыце, назапашаным за папярэднія дзесяцігоддзі дзейнасці гэтай навучальнай установы.

Дырэктарамі тэхнікума, пасля каледжа, працавалі: У.І. Вітушка (1957-1964), В. І. Папоў (1964-1976), Я.І. Галенчык (1976-1984), Н. Г. Лось (1984-1999), А. К. Лягчылаў (1999-2005).

 

Са жніўня 2005 г. дырэктарам з’яўляецца Георгій Уладзіміравіч Космач.


У цяперашні час на чатырох аддзяленнях падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па спецыяльнасцях: “Камерцыйная дзейнасць (па напрамках)”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання (па напрамках)”, “Правазнаўства”. Агульная колькасць супрацоўнікаў – 165 чалавек, з іх 87 выкладчыкаў, у тым ліку 1 кандыдат тэхнічных навук і 1 кандыдат біялагічных. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 55 чалавек, першую – 16, другую – 6, без катэгорыі -10. Усе яны забяспечваюць якасную падрыхтоўку спецыялістаў. Практычныя навыкі навучэнцы набываюць падчас практык, якія праходзяць на базе вядучых прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання: ААТ «ЦУМ Мінск», ААТ «ГУМ», ТКУП Універмаг «Беларусь», ТДА «Віталюр», ААТ «МТЗ», ЗАТ «Атлант», СТАА «Баніар», КУП «Бізнес-цэнтр «Сталіца» і інш. У 2018/2019 навучальным годзе. у філіяле навучаюцца 1825 чалавек, у тым ліку 695 – на завочнай форме навучання.

Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа ўключае ў сябе тры навучальныя карпусы з 35 навучальнымі кабінетамі, 9 лабараторыямі, 5 камп’ютарнымі класамі, метадычным кабінетам. У каледжы размешчана бібліятэка з чытальнай залай, актавая і спартыўная залы, стралковы цір, лыжная база, сталовая, буфет, медпункт. Іншагароднім прадастаўляецца добраўпарадкаваны інтэрнат.

Штогод навучэнцы і супрацоўнікі філіяла ўключаюцца ў навукова-даследчую дзейнасць, удзельнічаюць у творчых і прафесійных выставах, конкурсах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў. Вынікамі сталі дыпломы: I ступені – міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства “Martina” (Берлін); II ступені – навукова-творчага фестывалю “Ёсць ідэя” сярод студэнтаў дзяржаў – удзельнікаў СНД (Баку); дыпломы I, II, III ступені Рэспубліканскага конкурсу па эканоміцы і прадпрымальніцтве ” Лесвіца поспеху”; Рэспубліканскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Малы і сярэдні бізнес як драйвер эканамічнага росту”; міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў “Нацыянальная эканоміка Рэспублікі Беларусь: праблемы і перспектывы развіцця”; міжнароднага конкурсу бізнес-праектаў «StartUp-кааперацыя» і інш.

Грамадская і выхаваўчая работа каледжа дазваляе прывіць цікавасць да будучай прафесіі праз конкурсы кулінарнага майстэрства, тыдні спецыяліста. Дзейнічаюць 7 гурткоў прафесійнай накіраванасці на базах практыкі. Традыцыйнымі сталі конкурсы “Лепшы выкладчык”, “Лепшы майстар вытворчага навучання”, “Хвіліна славы”, “Міс каледж”, “Лепшы блок” у інтэрнаце, штогод праводзіцца навагодні ранішнік для дзяцей супрацоўнікаў. Праходзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, вопытнымі педагогамі. 9 мая 1985 г. на базе каледжа была адкрыта экспазіцыя “Жанчыны – Героі Савецкага Саюза”.

Шмат увагі надаецца фізічнай культуры і спорту. Навучэнцы каледжа ўдзельнічаюць у спаборніцтвах падчас круглагадовай спартакіяды, вясновага і восеньскага лёгкаатлетычных кросаў, Дзён здароўя, эстафет па ваенна-прыкладных відах спорту, займаюцца ў 5 спартыўных секцыях, 8 аб’яднаннях па інтарэсах. Навучэнцы каледжа былі адзначаны дыпломамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу тэхнічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які праводзіцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ініцыятарам шматлікіх мерапрыемстваў становяцца першасная арганізацыя БРСМ, валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”, прафсаюзны камітэт.

Пачынаючы з сярэдзіны 1950-х гадоў, каледж падрыхтаваў звыш 41 тыс. спецыялістаў, якія паспяхова працуюць у нашай краіне і за яе межамі. Многія з іх сталі кіраўнікамі ў сферы гандлю і грамадскага харчавання, працавалі на адказных пасадах у міністэрствах працы і сацыяльнай аховы, унутраных спраў, юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Сярод іх В. І. Байдак (у цяперашні час – генеральны дырэктар ААТ «ЦУМ Мінск», раней працаваў генеральным дырэктарам КУП «Хлебпрам», намеснікам старшыні Мінгарвыканкама і начальнікам Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, міністрам гандлю РБ), Ю. П. Бондар (рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у 2013-2017 г.г., міністр культуры РБ), В. С. Каляда (генеральны дырэктар ТАА «Міжнародны музычны гандлёвы дом»), Ф. Ф. Корбан (дырэктар ААТ «ЦУМ Мінск» у 2008 -2015 гг.), Т. К. Крывеня (намеснік міністра гандлю БССР, прэзідэнт Беларускай Асацыяцыі кулінараў), У. П. Навумавец (генеральны дырэктар ТАА «Семела»), С. В. Сташэўскі (кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, памочнік намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь у 2007-2009 г.г.), Ю. В. Трушчанка (кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска), А.І. Швед (Старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз РБ, намеснік старшыні Следчага камітэта РБ) і іншыя.

У 2010, 2011, 2012 г.г. каледж быў занесены на Дошку гонару Савецкага раёна як лепшая навучальная ўстанова.

За шматгадовую паспяховую падрыхтоўку кадраў і выхаванне навучэнцаў калектыў узнагароджваўся Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.